(Выпадак з жыцця)

Так склалася, што пад час святаў, юбілеяў, ці з іншай урачыстай нагоды, напрыклад, вяселля, наваселля ці дня нараджэння, прынята віншаваць галоўных фігурантаў пэўнай падзеі і дарыць падарункі. Ну, а пра выбар падарункаў гаварыць трэба асобна, бо ўсё залежыць ад плануемай на гэта сумы грошай, а таксама той асобы, каму (ён) прызначаецца, яе схільнасцей, захапленняў і г.д.

Ёсць такое свята, калі амаль кожны мужчына натуральна напружвае свае думкі над тым, каб зрабіць падарунак сваёй жонцы, маці, каханай, сястры, дачцы ці сяброўцы. І прычым, такі момант наступае для усіх мужчын адначасова вясной, а іменна 8 сакавіка. У перадсвяточныя дні мы назіраем моцную палову чалавецтва, якая літаральна бегае-шастае па крамах, магазінах-салонах, у якія многіх з іх не зацягнуць нават, каб прымераць самае неабходнае – адзенне (штаны ці касцюм). У асноўным джэнтэльмены атакуюць парфюмерныя аддзелы ды кропкі продажу кветак. Гандаль апошнімі, дзякуй Богу,  наладжаны ў кожным горадзе рэспублікі ў апошнія гады адпаведна, і ніхто з пакупнікоў не паскардзіцца-пакрыўдзіцца з-за таго, што кветак яму не хапіла. І прыгожы тавар цяпер не вязуць з Галандыі, а навучыліся вырошчваць цудоўныя цюльпаны і ў нашай краіне. У спецыялізаваных жа крамах радуецца вока і каляровай гаме, і розным сартам кветак ад руж да кветак у гаршочках. Многія пчаляры таксама ў тых чэргах букеты ды сувеніры сёлета выбіралі.

Ужо з пачатку сакавіка Алесь (аматар-пчаляр) некалькі разоў задумваўся таксама аб свяце: як яго арганізаваць дастойна. У яго сям’і ёсць дзве дачкі ды жонка. Хацеў, каб тое было сюрпрызам нечаканым і прыемным. А сам грошы адкладваў ды прыкідваў, каб пакупка была рэч патрэбная ў гаспадарцы ці ў асабістым карыстанні таго, каму ён прызначаўся. Узгадваў: фен, блендэр, прас, мульціварка?

І раптам… эўрыка! Ідэя прыйшла сама сабой, як кажуць, адкуль яе не чакалі. Але аб усім па парадку.

Для палягчэння зносін дзеці, якія жывуць у сталіцы, стварылі ў вайберы групу «Сям’я». Там кожны член сям’і дзеліцца сваімі думкамі, расказвае пра асабістыя планы ці здарэнні, можна параіцца ці спытаць нешта у бацькоў і г.д. Зручна, што і казаць.

І вось малодшая дачка паведамляе, што па ўсяму Мінску разгортваюцца палаткі, у якіх мноства жывых кветак. Каля іх мітусяцца юнакі, мужчыны розных узростаў. Настрой прыўзняты. І адпаведныя смайлікі даслае.

І тут нечакана з’яўляецца смс ад жонкі: «А што калі вам бацька кожнай па вядру мёду падорыць? Ён учора вярнуўся з форума пчаляроў, і ўзгадаў, што літоўскі вучоны-пчаляр Амшэюс Альгірдас менавіта так узнагародзіў сваіх дарослых дзяцей. »

Імгненна жонка атрымала лайк і ўзрадаваны Алесь строчыць: «Дзякуй, шаноўная, за бліскучую ідэю. А то я не мог дастасаваць адно і другое…»

Пасля таго смс ў групе настала маўчанне: ніхто нікому не піша. Насцярожанасць расла. Сястрычкі ўзважвалі, на колькі неасцярожны жарт маці спрацуе… Яны звычайна аддавалі перавагу парфюмерыі ці набывалі яе, калі атрымлівалі эквівалентную суму грошай ад любімага таты.

Але то быў зайгрыш. Самае цікавае адбывалася праз дзень, калі дочкі прыехалі да бацькоў у правінцыю. Як толькі даўгачаканыя госці (дачуркі) зайшлі ў дом, бацька адразу ўручыў кожнай па шыкоўнай ружы. Дачушкі усміхаліся, віталі бацькоў. Алесь падрыхтаваў і абяцанае: выставіў два дваццацілітровыя вядры мёду!

- А гэта кожнай дадатак, як абяцаў!  - І паказаў на цяжэрныя вёдры, якія не скранеш з месца. І пачаў разважаць-падлічваць:

- Дваццаць літраў, гэта амаль 30 кілаграмаў. Кілаграм мёду зараз прадаюць на рынку не менш як па дзесяць рублёў, а то і болей…

Ураз смех сціх: дзяўчаты глядзелі то на далікатны падарунак, то на бацьку, то на маці і не маглі зразумець – жарт гэта ці насамрэч? Настрой адразу сапсаваўся ў абедзьвух.

Рэакцыя была нечаканай. У старэйшай па шчоках паплылі слёзы, а малодшая аказалася больш знаходлівай:

- Даронаму каню ў зубы не глядзяць. Праўда, сястра? Забіраем!

Так радасць сустрэчы змяніў сапраўдны канфуз. Тут маці давялося выступаць у ролі дыпламата, каб вярнуць працэс у мірнае русла.

Але колькі гасцявалі дочкі, усёж халадок прысутнічаў. Не зразумелі шчыры намер бацькі, а палічылі яго за хітры ход.

Дочкі паехалі, а Алесь прамовіў: «Незалік». І давялося яму ўдагонку (лічы за поездам) адпраўляць кампенсацыю  -  грошы кожнай на электронную картку…

Алена Ускова,
г. Рэчыца

 

 

 

Количество просмотров материалов
491603